ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ КА́РТА ХРАМАСО́М,
графічнае адлюстраванне адноснага размяшчэння генаў унутры (у межах) адной храмасомы. Для складання такой карты неабходна выяўленне многіх мутантных генаў і правядзенне вял. колькасці скрыжаванняў. На карце наносяць адноснае становішча генаў, якія знаходзяцца ў адной групе счаплення. Адлегласць паміж генамі вызначаюць па частаце кросінговера (велічыня перакрыжавання храмасом) для кожнай пары гамалагічных храмасом. Яе адзінка — марганіда, якая адпавядае 1% кросінговера. Генетычныя карты храмасом складзены для дразафілы (у ёй выяўлена больш за 1000 мутантных генаў), кукурузы (у 10 групах счаплення больш 400 генаў), памідораў, нейраспоры і інш. Звычайна генетычныя карты храмасом у эўкарыётаў лінейныя, бываюць і ў форме крыжа. Пры карціраванні генаў у бактэрый з дапамогай кан’югацыі атрымліваюць кальцавую генетычную карту храмасом. Генетычныя карты храмасом дазваляюць планаваць работу па атрыманні арганізмаў з вызначанымі спалучэннямі прыкмет, што выкарыстоўваецца ў генет. эксперыментах і селекцыйнай практыцы.
Э.В.Крупнова.
т. 5, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)